Культурная спадчына беларусаў сабрана ў самабытную скарбонку вусна-паэтычнай творчасці. Праз вусна-паэтычнае слова дзіця спазнае лёс роднай Беларусі, яе культуру і гісторыю, яе традыцыі.
Свята – гэта найвышэйшы ўзровень развіцця духоўнай культуры, які адпавядае стану чалавека ў тым ці іншым сезоне, у тым ці іншым узросце. Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у народных святах. Народныя святы даюць магчымасць здзяйсняць рознабаковае выхаванне дзяцей. Свята не толькі прыносіць радасць нашым выхаванцам, але і дае ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, да фальклору.

Сёння ў ДУА "Любашаўская пачатковая школа" пад кіраўніцтвам выхавацеля дашкольнай адукацыі Ненадавец Т.І. і музычнага кіраўніка Дзегцяровай Л.І. прайшла забава "Спяваем, гуляем - Каляду сустракаем". Свята было насычана казачнай атмасферай. Выхаванцы прыйшлі ў госці да гаспадыні. Гаспадыня пазнаёміла з галоўнымі героямі свята Казой, Мядзведзем, каляднымі атрыбутамі, стравамі і звычаямі.

Дзеці з задавальненнем спявалі вясёлыя, калядныя песні "Шчодры вечар", "Каляда", танцавалі, чыталі вершы, гулялі ў гульні "Козачка пакажы", "Рэшата", "Дудка - весялуха", гралі на музычных інструментах. На працягу дня дзеці віншавалі ўсіх са святамі і жадалі здароўя, дабрабыту, добрага ўраджаю.
Дзеці і дарослыя акунуліся ў дзівосны свет народнай культуры, атрымалі добры настрой і пачастункі.
Т.І.Ненадавец, выхавацель дашкольнай адукацыі