Родная мова з’яўляецца значным сродкам засваення дзецьмі культуры свайго народа, фарміравання пачуцця нацыянальнай годнасці. Нельга вывучыць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лѐгка. А для гэтага неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б не прымушалі дзіця «завучваць», а падштурхоўвалі да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.

Кожны чацвер ў ДУА “Дзіцячы сад № 2 г. Ганцавічы“ праходзіць беларускамоўны дзень. У гэты дзень педагогі арганізуюць адукацыйны працэс (заняткі, святы, гульні, віктарыны і інш.) на роднай мове, што садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці і станоўчых адносін да роднай мовы, павагі да краіны, вытокаў культуры беларускага народа.

23 кастрычніка ў сярэдняй групе выхавацель Зажэка Кацярына Мікалаеўна правяла занятак па адукацыйнай вобласці «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» на тэму: “Беларускія народныя цацкі”. Асноўная мэта занятка была накіравана на: фарміраванне ўяўленняў дзяцей аб прыродных матэрыялах, з якіх вырабляюцца беларускія народныя цацкі; замацоўванне ўменняў дзяцей складаць апавяданне-апісанне прадмета на роднай мове з апорай на прадметы-сімвалы, знаходзіць цацку па апісанні.
Знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з беларускімі народнымі цацкамі мае вялікае педагагічнае значэнне, бо спрыяе далучэнню новых пакаленняў да традыцыйнай культуры беларускага народа, што асабліва актуальна ва ўмовах сучаснага глабалізаванага свету.
С.Г. Жук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Дзіцячы сад № 2 г. Ганцавічы“