Гэй, малеча!
Запрашаю вас у госці,
У краіну прыгажосці!
Родных песень,
Цудаў,
Казак і сяброў.
Л. Пранчак
Дзеці любяць слухаць. Слухаць, як спяваюць песні. Слухаць, як ім чытаюць казкі, паданні легенды, гісторыі пра сумленных і добрых людзей. Дзеці слухаюць, перажываюць і суперажываюць таму, што адбываецца ў апавяданнях. Яны вучацца быць чулымі, добрымі, разумнымі. А яшчэ дзецям вельмі падабаецца слухаць вершы на роднай мове і гутарыць.
10 сакавіка ў ДУА “Яслі-сад №5 г. Ганцавічы” прайшоў беларускамоўны дзень, які быў прысвечаны паэзіі, дзе выхавальнікі дашкольнай адукацыі разам з дзецьмі чыталі, слухалі і дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў ва ўсіх рознаўзроставых групах. Педагогі і дзеці вялі гутарку на роднай беларускай мове. Штуршком для разважання як раз і служаць вершы, таму што яны ахопліваюць шырокі спектр жыццёвых праблем, што дае магчымасць весці гутарку на розныя тэмы. Метады работы, якія выкарыстоўваюць педагогі, розныя. Атмасфера гутаркі заўсёды прыязная, сяброўская.
У другой малодшай групе Валянціна Канстанцінаўна Глушко разам з выхаванцам завучылі верш на памяць В. Віткі “Коця і Каця”. Юлія Уладзіміраўна Шчыткоўская з выхаванцамі 4-5-гадовага ўзросту чыталі і вучылі верш Т. Кляшторнай “Паўцякалі цацкі”. Наталля Яўгенаўна Юрава з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту ў чарговы раз зрабілі экскурс ў этнаграфічны куток “Беларуская хатка”, дзе пазнаёміла дзяцей з творчасцю Якуба Коласа.
Вядома, у гэты дзень у дзіцячым садзе не абышліся без беларускіх гульняў. Таму на прагулцы дзеці з задавальненнем гулялі ў такія гульні, як “Жмуркі”, “Адгадай, чый галасок”, “Спрытны верабей”.
В.М.Рэбкавец,
намеснік загадчыка па
асноўнай дзейнасці