Штогод установы адукацыі Ганцавіцкага раёна актыўна далучаюцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Конкурсы чытальнікаў, інфармацыйныя акцыі, вусныя часопісы і інтэлектуальныя турніры аб’ядноўвае імкненне педагагічнай грамадскасці і юных беларусаў развіваць уласную моўную культуру і пашыраць сферу ўжывання беларускай мовы наогул.
Цэнтральным мерапрыемствам 2021 года стала літаратурна-музычная гасцёўня “Шануйце роднае слова!”, якую падрыхтавалі творчыя калектывы раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Пранікнёныя радкі вершаў вядомых беларускіх паэтаў і падрастаючых “вераскоўцаў” краналі тонкія струны душы ўдзельнікаў гасцёўні і абуджалі пачуццё гонару за мілагучнае роднае слова. Звонкім ручаём ліліся песні ў выкананні прыгажунь з ансамбля “Журавінка” і мімаволі прымушалі думкі лунаць над неабсяжнымі прасторамі Радзімы.
Мерапрыемства пакінула шмат станоўчых ўражанняў і спадзяванне на тое, што беларуская мова будзе часцей выкарыстоўвацца як сродак паўсядзённых зносін.
А.В. Рылка,
галоўны спецыяліст
аддзела па адукацыі